Прэзентацыя новага альбома Лявона Вольскага

23 сакавіка Лявон Вольскі прэзентуе ў Тэатры імя Янкі Купалы сольны альбом “Белая яблыня грому” на вершы беларускіх класікаў. Мэта праекту – вярнуць творчасць вядомых паэтаў у сучасны культурны кантэкст.

На дыску будзе 12 песень, напісаных на вершы розных класікаў XIX-XX стагоддзяў: ад Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча праз Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа да Максіма Танка, Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна.

“Ідэя альбому нарадзілася гадоў сем таму, – распавядае Лявон Вольскі. – Неяк амаль выпадкова мне патрапіў у рукі зборнік вершаў Багушэвіча. Я пачытаў і зразумеў – гэта ж сапраўдны гангста-рэп! І вось тады быў зроблены першы дэма-запіс песні на яго верш “Немец”. Але потым неяк усё часу не было зрабіць гэты праект”.

Час знайшоўся ў 2009 годзе, калі N.R.M. і “Крамбамбуля” разыйшліся на творчыя вакацыі. У межах альбому “Белая яблыня грому” вершы патрапілі ў рознабаковы музычны кантэкст – ад року і блюзу да рэпу і хэві-мэталу. Лявон Вольскі спадзяецца, што гэты праект дапаможа сучаснай публіцы наноў адкрыць для сябе творы ўсім вядомых паэтаў.

“Нажаль, школьная адукацыя часцей за ўсё адбівае цікавасць да літаратуры і паэзіі. Нават у мяне так было, нягледзячы на тое, што я паходжу з сям’і пісьменнікаў і з дзяцінства літаратура мне падабалася, – прызнаецца ён. – А насамрэч класічная беларуская паэзія дагэтуль актуальная, таленавітая, якасная і анічым не горшая за ангельскую, французскую ці рускую”.

23 сакавіка ў Тэатры імя Я. Купалы Лявон Вольскі з прэзентацыяй альбому “Белая яблыня грому”. Пачатак – 19.00. Квіткі: ад 10 да 80 тыс. Даведка і замова квіткоў: Velcom 655 55 96, МТС 655 55 96, гарадскі 280 15 10, а таксама праз сайт www.soundline.by.

Паведамляе tut.by

4 сакавiка 2010 - admin  

Каментары

Калі ласка, зарэгіструйцеся для каментавання.

Каталог TUT.BY